Упершыню я паглядзеў серыял «Smiley» прыкладна паўтара года таму, неўзабаве пасля прыезду ў Іспанію. Тады мне было цікава ўбачыць на экране Барселону — горад, у якім я толькі пачынаў жыць. Іспанскую я разумеў дрэнна, таму серыял стаў для мяне яшчэ і знаёмствам з новай рэальнасцю.
«Smiley» — іспанскі рамантычны камедыйны серыял Netflix 2022 года пра двух мужчын, Алекса і Бруна, чыя выпадковая сустрэча ў Барселоне паступова перарастае ў адносіны. На фоне іх гісторыі серыял распавядае пра каханне, адзіноту, сяброўства і складанасці сучасных знаёмстваў.
Праз паўтара года я вырашыў перагледзець яго ў арыгінале — у тым ліку дзеля практыкі іспанскай. І нечакана выявіў, што цяпер гляджу на серыял зусім інакш: Барселона ўжо не здаецца дэкарацыяй, я пазнаю вуліцы і лепш разумею паказанае гей-асяроддзе. Некаторыя сцэны, вядома, выглядаюць найгранымі, але адносіны паміж Алексам і Бруна цяпер здаюцца мне нашмат больш праўдзівымі, чым падчас першага прагляду.
Ёсць дзве рэчы, якія асабліва добра апісваюць адносіны Алекса і Бруна: іх відавочна цягне адно да аднаго, і яны зусім не ўмеюць нармальна пра гэта гаварыць.
Паміж імі з самага пачатку існуе нейкая нябачная нітка. Іх цягне адно да аднаго, але замест таго, каб проста зрабіць крок насустрач, яны пачынаюць думаць.А потым думаць яшчэ больш.
Чаму ён не напісаў? Чаму выдаліў паведамленне? Чаму прайшло столькі часу? Можа, я яму не падабаюся? Можа, ён ужо з кімсьці іншым? Можа, лепш увогуле нічога не рабіць?
І ў нейкі момант ты ўжо сядзіш перад экранам і ледзь не крычыш: «Божа, ды проста напішы ты яму!»
Напішы. Спытай. Патэлефануй. Скажы, што табе неабыякава.
Але не. Кожны чакае, што першым крок павінен зрабіць другі.
Мяне гэта так раздражняе менавіта таму, што такія паводзіны я ведаю не толькі па серыяле.
За паўтара года жыцця ў Іспаніі я пазнаёміўся з вялікай колькасцю хлопцаў і вельмі часта сутыкаўся з адной і той жа гісторыяй: чалавек быццам бы зацікаўлены, глядзіць твой профіль, ставіць рэакцыі, але пісаць першым не хоча.
У гей-барах прыкладна тое ж самае. Хтосьці можа глядзець на цябе, усміхацца, падаваць нейкія сігналы, але падысці пазнаёміцца — ужо зусім іншая справа.
Асабіста я таксама дрэнна распазнаю флірт. Не заўсёды разумею, ці падабаюся хлопцу, ці ён проста паглядзеў у мой бок. І, калі шчыра, сам не заўсёды гатовы зрабіць першы крок.
Я часта тлумачу гэта тым, што я пасіў і прывык, што ініцыятыву праяўляе іншы. Хочацца, каб хлопец сам падышоў, сам пазнаёміўся, сам зрабіў першы крок. Але калі адкінуць сексуальную ролю, застаецца цалкам звычайны страх: а раптам я падыду першым і атрымаю адмову?
А што, калі праблема не толькі ў страху адмовы?
Мы баімся здацца зацікаўленымі. Баімся напісаць першымі. Баімся зрабіць першы крок. Баімся, што, калі прызнаемся ў сваіх пачуццях, то апынёмся ў больш слабой пазіцыі.
І атрымліваецца дзіўная сітуацыя: два чалавекі могуць падабацца адзін аднаму, абодва могуць хацець працягу, абодва могуць чакаць сустрэчы — але замест размовы кожны пачынае будаваць уласныя версіі таго, што адбываецца.
Мы занадта шмат думаем і занадта мала гаворым.
А потым здзіўляемся, чаму ў нас нічога не атрымліваецца.
Мне здаецца, менавіта ў гэтым адна з галоўных праблем сучасных гей-знаёмстваў. Не ў тым, што мы не хочам адносін. Вельмі многія хочуць. Праблема ў тым, што мы занадта доўга чакаем нейкага знаку.
І пакуль мы яго чакаем, жыццё ідзе далей.
У «Smiley» ёсць адна думка, якая асабліва зачапіла мяне падчас другога прагляду. Падчас выступу драг-дзівы Кены Мандры (Хаві) гучыць думка пра цягнік: мы думаем, што яшчэ паспеем сесці на апошні цягнік, але ў нейкі момант можам выявіць, што засталіся адны на станцыі. А можам увогуле сесці не на той цягнік.
Мне здаецца, гэтая метафара вельмі дакладна апісвае не толькі серыял, але і наша жыццё.
Асабліва гейскае жыццё.
Мы баімся застацца адны і таму часам садзімся ў першы цягнік, які трапіцца. Нават калі разумеем, што ён ідзе не зусім туды. Галоўнае — не застацца на станцыі.
Я вельмі добра ведаю гэтае пачуццё.
У 2022 годзе скончыліся мае адносіны, якія доўжыліся шэсць гадоў. І тады я вельмі баяўся застацца адзін. Мне здавалася, што я больш ніколі не знайду чалавека, з якім змагу пабудаваць адносіны.
І менавіта гэты страх часам прымушае выбіраць не той цягнік.
Не таму, што ён сапраўды твой. А таму, што страшна чакаць далей.
Ты думаеш: ну добра, гэты быццам падыходзіць. Можа, атрымаецца. Можа, я прывыкну. Можа, усё складзецца.
І садзішся ў цягнік.
Толькі потым разумееш, што кірунак быў не тваім.
Я і цяпер не магу сказаць, што цалкам пазбавіўся гэтага. Часам я ўсё яшчэ не разумею, які менавіта цягнік мне патрэбны. Але цяпер я хаця б навучыўся не баяцца перасадак.
А яшчэ — перастаў баяцца застацца на станцыі ў адзіноце.
Ёсць у серыяле і іншая важная тэма — гісторыя Веранікі і Патрыцыі.
Я не хачу падрабязна разбіраць лесбійскія стасункі — гэта не мая рэальнасць. Але тэма шчырасці тут мне вельмі блізкая. У стасунках нельга бясконца жыць у недамоўках.
Так, камінг-аўт — гэта асабістае рашэнне кожнага чалавека. Ніхто не абавязаны расказваць пра сваю арыентацыю раней, чым будзе да гэтага гатовы.
Але калі твая таямніца пачынае прымушаць людзей вакол цябе пастаянна хлусіць разам з табой, сітуацыя ўскладняецца.
Я разумею, чаму Вераніку ў нейкі момант проста прарвала.
Калі б я сем гадоў быў у стасунках з мужчынам, а потым да нас прыехалі яго бацькі і ў Іспаніі, дзе нам не трэба хавацца, ён раптам прадставіў бы мяне проста як сябра, мне было б вельмі складана прамаўчаць.
Магчыма, я б таксама не змог прамаўчаць.
Бо пасля ўсяго, праз што я прайшоў, мне ўжо зусім не хочацца вяртацца да жыцця, дзе трэба рабіць выгляд, што мне не падабаюцца мужчыны.
Для мяне гэта не проста інфармацыя пра сексуальную арыентацыю. Гэта частка мяне.
І менавіта таму свабода адкрыта гаварыць пра сябе сёння мае для мяне велізарнае значэнне.
Мы ўвесь час думаем: а што, калі? Што, калі напісаць першым? Што, калі падысці? Што, калі ён не адкажа? Што, калі я яму не падабаюся? Што, калі я ўсё гэта прыдумаў?
А што, калі замест чарговага «што, калі?» проста сказаць?
Напісаць першым. Падысці. Спытаць.
І тут я зноў вяртаюся да той самай фразы пра цягнік. Мы стаім на станцыі, бачым, як пад'язджае чарговы цягнік, і спрабуем зразумець, наш ён ці не. Але замест таго, каб спытаць, куды ён ідзе, проста застаёмся чакаць наступнага.
А што, калі ўсё ж спытаць?
Магчыма, гэты цягнік сапраўды ідзе не туды. Тады ты гэта даведаешся і застанешся на станцыі. Магчыма, напрамак акажацца тваім — і табе не давядзецца зноў у адзіноце чакаць наступнага цягніка.
Часам нам не патрэбны нейкі асаблівы знак. Нам дастаткова проста спытаць, куды ён ідзе.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні