Маладыя мужчыны ў Германіі ствараюць фэйкавыя профілі ў queer-дэйтынг-праграмах, прызначаюць геям сустрэчы, а затым групай нападаюць на іх, прыніжаюць і здымаюць тое, што адбываецца, на відэа. Некаторыя ўдзельнікі такіх груп называюць сябе «Pedo-Hunters» — «паляўнічымі на педафілаў».
Пра гэта гаворыцца ў расследаванні нямецкага праекта team.recherche, апублікаваным 18 жніўня Tagesschau і Saarländischer Rundfunk. Журналісты налічылі больш за 70 заяўленых выпадкаў падобных нападаў па ўсёй Германіі за апошнія дзесяць гадоў. Толькі за 2025 год ім удалося выявіць 34 выпадкі. Рэальная колькасць можа быць значна большай: паводле апытання Агенцтва ЕС па асноўных правах, пра падобныя злачынствы ў паліцыю паведамляе толькі прыкладна кожны дзясяты пацярпелы.
Прыйшоў на спатканне — а там ужо чакалі некалькі чалавек
Адзін з пацярпелых, якога журналісты называюць Лукасам, дамовіўся сустрэцца з паўналетнім мужчынам на паркоўцы. Замест спаткання да яго прыйшла група маладых мужчын. Паводле слоў Лукаса, яго выцягнулі з аўтамабіля, здымалі на відэа і прыніжалі. Яго прымусілі танцаваць і сказаць на камеру, нібыта ён хацеў займацца сэксам з непаўналетнімі. Сам Лукас сцвярджае, што дамаўляўся пра сустрэчу з дарослым чалавекам. Нападнікі называлі сябе «Pedo-Hunters».
А пры чым тут увогуле педафілія?
Журналісты некалькі тыдняў назіралі за Discord-серверам прыкладна з 1500 удзельнікамі, дзе карыстальнікі абмяркоўвалі напады, абменьваліся відэа і фантазіямі пра гвалт.
Фармальна ўдзельнікі супольнасці заяўлялі, што змагаюцца з людзьмі, якіх лічаць педафіламі. Але ў перапісцы рэгулярна з'яўляліся гамафобныя выказванні, а гомасексуальнасць наўпрост змешвалася з педафіліяй. Адзін з карыстальнікаў, напрыклад, расказваў пра напад на свайго дзядзьку, называючы яго адначасова геем і педафілам.
Упраўленне па абароне канстытуцыі Бадэн-Вюртэмберга пацвердзіла журналістам, што ў падобнай агітацыі меркаваная «абарона дзяцей» сапраўды выкарыстоўваецца як прыкрыццё для варожасці да queer-людзей. Гэта значыць, старая формула «гей = педафіл» нікуды асабліва не знікла. Ёй проста далі Discord, камеру ў тэлефоне і магчымасць знайсці ахвяру праз праграму для знаёмстваў.

У чатах знайшлі і праворадыкальны кантэнт
Удзельнікі сервера адначасова называлі свой рух «па-за палітыкай», але журналісты выявілі там антысеміцкія публікацыі, праворадыкальную сімволіку і паведамленні накшталт заяў пра «барацьбу супраць LGBTQ» і падтрымку «Германскага рэйха».
Упраўленне па абароне канстытуцыі зямлі Гесэн лічыць так званыя Pedo Huntings патэнцыйным інструментам радыкалізацыі моладзі ў праворадыкальным асяроддзі.
Паводле ацэнкі ведамства, тэма абароны дзяцей можа выкарыстоўвацца экстрэмістамі для мабілізацыі, пры гэтым педафілію і гомасексуальнасць наўмысна змешваюць.
Нападнікаў на Лукаса асудзілі
Удзельнікі нападу на Лукаса пазней былі асуджаныя. Сам ён кажа, што працягне карыстацца квір-дэйтынг-праграмамі. Тым часам упаўнаважаная федэральнага ўрада Германіі па пытаннях квір-супольнасці Софі Кох запатрабавала стварыць агульнанацыянальную сістэму рэгістрацыі такіх нападаў.
Пакуль федэральны ўрад такую сістэму не плануе. МУС падрыхтавала для паліцыі рэкамендацыі, якія павінны дапамагчы аднастайна ўлічваць злачынствы на глебе нянавісці да квір-людзей. А праграма для знаёмстваў, выходзіць, цяпер патрабуе яшчэ адной праверкі перад сустрэчай. Не толькі «ці сапраўдны чалавек на фатаграфіі». Але і ці не чакае за гэтай фатаграфіяй група людзей з камерай і вельмі своеасаблівым разуменнем абароны дзяцей.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні