Grindr больш не хоча зарабляць толькі на тым, што паказвае мужчын паблізу. Кампанія збіраецца паступова ператварыць праграму ў тое, што сама называе «гейборхудам у кішэні»: знаёмствы, здароўе, PrEP, лекі, падарожжы, пошук супольнасці ў іншым горадзе — а калі-небудзь, магчыма, нават доктар непасрэдна ў Grindr.
І частка гэтай канструкцыі ўжо будуецца.
У інтэрв'ю TechCrunch кіраўнік Grindr Джордж Арысан распавёў, што кампанія бачыць некалькі новых напрамкаў росту апроч звычайных платных падпісак.
Адзін з галоўных — здароўе.
У ЗША Grindr ужо развівае Health Center і сэрвіс Woodwork. Праз іх карыстальнікам прапануюць інфармацыю пра сексуальнае здароўе і некаторыя медыцынскія прадукты, у тым ліку прэпараты ад эрэктыльнай дысфункцыі. У праграму таксама дадалі ШІ-бота, праз якога частку працэсу можна прайсці, не пераходзячы на асобны сайт. Кампанія асобна абяцае даць 10 мільёнам чалавек доступ да інфармацыі пра тое, дзе атрымаць PrEP — як у ЗША, так і за іх межамі.
Але тут важна не пераблытаць планы з ужо існым сэрвісам.
Grindr пакуль не ператвараецца ў паліклініку.
Ідэя пра тое, каб праз праграму можна было знайсці, напрыклад, прыязнага да геяў доктара і атрымаць кансультацыю з дапамогай тэлемедыцыны, — гэта доўгатэрміновы план. Арысан гаворыць пра перспектыву прыкладна ў дзесяць гадоў і дапускае, што аднойчы медыцынскі напрамак увогуле зможа прыносіць Grindr больш грошай, чым цяперашні асноўны бізнес. Пакуль жа даходы ад такіх новых сэрвісаў застаюцца невялікай часткай выручкі кампаніі.
Ёсць і другі напрамак — падарожжы.
У сваёй дарожнай карце Grindr піша пра карты, пошук месцаў і тэставанне браніравання гатэляў. Логіка даволі відавочная: калі ты прылятаеш, напрыклад, у Берлін, Мадрыд ці Лісабон, праграма павінна дапамагчы не толькі ўбачыць, хто знаходзіцца ў радыусе кіламетра, але і зразумець, дзе ўвогуле віруе мясцовае квір-жыццё.
Для мігрантаў гэтая ідэя асабліва знаёмая. Grindr і цяпер часам становіцца першым неафіцыйным «даведнікам» па новым горадзе: праз яго знаходзяць знаёмых, бары, вечарынкі, пытаюцца, куды схадзіць і дзе ўвогуле шукаць сваіх. Кампанія проста спрабуе ператварыць такое стыхійнае выкарыстанне ў асобны прадукт — і, зразумела, навучыцца на ім зарабляць.
Самая спрэчная частка новага Grindr называецца EDGE.
Гэта новая падпіска, узроўнем вышэйшая за цяперашнія XTRA і Unlimited, якую кампанія пакуль тэстуе. Падчас аднаго з канадскіх тэстаў цана ў пераліку складала прыкладна 350–375 долараў на месяц, пасля чаго ў інтэрнэце заканамерна пачалі пытацца, хто ўвогуле гатовы столькі плаціць за Grindr.
Кампанія адказвае: гэта была толькі адна з тэставых цэн, канчатковы кошт яшчэ не вызначаны. Паўнавартасны запуск EDGE чакаецца бліжэй да канца 2026-га або ў пачатку 2027 года.
Цікавей за саму цану тое, за што Grindr хоча браць гэтыя грошы.
Кампанія плануе выкарыстоўваць ШІ не проста для аналізу анкеты. Паводле слоў Арысана, са згоды карыстальніка сістэма зможа ўлічваць яго паводзіны і намеры ўнутры праграмы і на гэтай падставе шукаць больш падыходных людзей.
Прычым не абавязкова побач.
Ідэя палягае ў тым, што алгарытм зможа вызначыць: мужчына, які сапраўды табе падыходзіць, знаходзіцца не ў суседнім квартале, а ўвогуле ў іншым горадзе — і паказаць яго табе. Grindr лічыць, што гэта асабліва важна для геяў, паколькі патэнцыйнае кола партнёраў нават без дадатковых фільтраў значна меншае, чым у гетэрасексуальнай большасці.
Атрымліваецца даволі цікавая змена роляў.
Стары Grindr у асноўным адказваў на адно пытанне: «Хто цяпер побач?»
Новы хоча адказваць адразу на некалькі: “Хто мне падыходзіць? Дзе знайсці сваіх у іншым горадзе? Дзе атрымаць PrEP? Як знайсці лекара? Дзе спыніцца падчас паездкі?”
Менавіта таму стратэгія Grindr заслугоўвае ўвагі нават тых, каго зусім не цікавяць яго акцыі.
Дадаткам штомесяц актыўна карыстаюцца каля 15 мільёнаў чалавек, а кампанія ўжо адкрыта апісвае сябе не проста як сэрвіс знаёмстваў, а як «Глабальны гей-квартал у вашай кішэні». Фінансавая логіка пры гэтым даволі празрыстая: сёння каля 83% даходаў па-ранейшаму прыносяць падпіскі, таму Grindr шукае рэчы, якія можна прадаваць той жа велізарнай аўдыторыі апроч дадатковых профіляў і магчымасці бачыць тых, хто заходзіў у дадатак.
І тут узнікае пытанне, цікавейшае за чарговую спрэчку пра кошт падпіскі.
Grindr сапраўды валодае рэдкай каштоўнасцю: велізарнай міжнароднай аўдыторыяй геяў і бісексуальных мужчын, якую іншым кампаніям давялося б збіраць з нуля.
Але чым бліжэй дадатак падступае да пытанняў здароўя, падарожжаў і персанальных рэкамендацый, тым больш яго каштоўнасць пачынае залежаць ад таго, наколькі добра ён ведае карыстальніка.
Сёння ён ведае, хто табе падабаецца.
Заўтра ён захоча ведаць, каго табе варта паказаць, куды ты едзеш і якія паслугі табе могуць спатрэбіцца. Магчыма, гэта сапраўды акажацца зручным. Але тады Grindr стане нечым значна большым, чым дадатак, які мы адкрываем а другой гадзіне ночы, каб паглядзець, хто не спіць.
І вось наконт гэтага ператварэння пытанняў пакуль значна больш, чым наконт чарговага новага тарыфу.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні