MTV спыніў вяшчанне ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы і шэрагу іншых еўрапейскіх краін. Напрыклад, у Вялікабрытаніі 31 снежня спынілі вяшчанне MTV Music, MTV 80s, MTV 90s, Club MTV і MTV Live. Працу працягне толькі MTV HD, дзе ў асноўным выходзяць рэаліці-шоу. Прычына — зніжэнне цікавасці да музычных каналаў на фоне росту папулярнасці YouTube і TikTok, паведамляе Broadband TV News. У іншых краінах Еўропы таксама спынілася праца рэгіянальных версій MTV і звязаных з ім каналаў.
Ад рэаліці-шоу з ВІЧ-пазітыўным героем да шоу з drag-каролькамі — MTV прайшоў шлях ад «канала пра кліпы» да пляцоўкі, дзе квір-культура адчувала сябе як дома. Заканчваецца гісторыя тэлеканала, які калісьці паказаў па тэлевізары ВІЧ-пазітыўнага гея, вывёў drag-квінаў на сцэну і навучыў падлеткаў, што быць іншымі — гэта таксама нармальна. Іронія ў тым, што пакуль палітыкі па ўсім свеце спрачаліся, ці можна паказваць гей-пацалункі па тэлевізары, MTV проста круціў наступны кліп — і там зноў двое хлопцаў цалаваліся пад synthwave.
Doberman Media успамінае, як MTV мяняў уяўленне пра ЛГБТ+ і чаму гэта важна па сённяшні дзень.
📺 1994. Рэаліці, дзе ўпершыню паказалі жыццё ВІЧ+ гея
У 90-х MTV было культурным феноменам, а не проста патокам кліпаў.
Ён фармаваў ідэнтычнасці — шумныя, нязграбныя, шчырыя. Менавіта MTV паказаў тое, чаго да яго не паказвалі: эмоцыі, целы, страсць — і любоў, якая не ўпісвалася ў эфірныя стандарты.
У 1994 годзе на экране з’явіўся Педра Замора — удзельнік The Real World: San Francisco, адкрыты гей, які жыў з ВІЧ. Ён не прапаведаваў, проста жыў. І гэтым змяніў тэлебачанне: упершыню гледачы ўбачылі не “праблему”, а чалавека.
🎬 2001. Фільм пра нянавісць і 17 гадзін цішыні
MTV выпусціў тэлефільм Anatomy of a Hate Crime — гісторыю забойства Мэцью Шэпарда, маладога гея з Вайомінга. Пасля прэм’еры канал змоўк.
Буквальна: 17 з паловай гадзін у эфіры ішоў спіс імёнаў ахвяр гамафобіі. Для музычнага канала, прывыкшага да кліпаў Брытні, гэта выглядала як гучны і вельмі палітычны жэст.
💊 Праграмы пра сэкс, ВІЧ і рэальнасць
MTV запусціў ініцыятыву Пры жыцці — глабальную кампанію пра бяспечны сэкс і прафілактыку ВІЧ. Снімалі дакументалкі, выдавалі гранты актывістам, ператваралі табу ў кантэнт. Па сутнасці, MTV нечакана стаў тым, хто тлумачыць падлеткам тое, пра што школа маўчыць.
Падтрымайце незалежную журналістыку. Гэта не ўсплывальнае акно. Вы можаце прагартаць далей або закрыць гэтае паведамленне
Doberman Media працуе без інвестараў і грантаў — толькі дзякуючы вам. Ваша дапамога, нават нязначная, дазваляе нам працягваць працу. Дапамажыце нам выжыць: аформіце падпіску або падтрымаеце аднаразова. Няма магчымасці задонатыць? Проста перашліце гэты тэкст сябру.
📡 2004. MTV захацеў зрабіць гей-канал
На пачатку нулявых MTV вырашыў запусціць першы тэлеканал для ЛГБТ-аудыторыі. Навіны пра гэта абышлі ўсе агенцтвы, але праект у выніку дзесьці завіс паміж Excel-табліцамі Viacom і рэкламнымі справаздачамі.
Тым не менш сама ідэя — “канал для тых, каго звычайна не завуць у кадр” — ужо гучала для таго часу як выклік.
🚩 MTV Pride і сезонныя перайменаванні
У Брытаніі MTV час ад часу ператвараўся ў MTV Pride. Проста мянялі лагатып, плэйліст — і ўвесь ліпень ішоў парад з Lady Gaga, Troye Sivan і Charli XCX. Гэта быў не рэбрэндынг, а хутчэй «музычны прайд-рэжым»: тэлевізійны Pride Month для тых, хто не вылазіць з YouTube.
💅 2020-я. Драг-квін на сцэне і сцягі на VMAs
MTV, здаецца, ужо даўно перастаў быць музычным каналам, але на сваіх прэміях усё яшчэ ладзіць шоу, якое гаворыць гучней, чым навіны.
На VMAs-2024 спявачка Chappell Roan, адкрытая лесбіянка, атрымала ўзнагароду Лепшы новы артыст і прысвяціла яе «ўсім квір- і транс-людзям, якія рухаюць поп-музыку». Яе прадстаўляла Sasha Colby — пераможца RuPaul’s Drag Race.
Праз год на сцэну выйшлі драг-выканаўцы разам з Сабрынай Карпентэр; у эфіры з’явіліся лозунгі “Protect Trans Rights”. Гэта выглядала і як перформанс, і як заява адначасова: MTV усё яшчэ ўмее карыстацца сваёй гучнасцю.

0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адпраўлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні