У аўтабіяграфіі папы рымскага Францішка, якая выйшла ў выдавецтве «Альпіна», зацэнзуравалі фрагмент, прысвечаны разважанням пантыфіка пра аднаполыя саюзы і трансгендарных людзей.
Фатаграфіі старонак кнігі з чорнымі палосамі паказала ў сваім анонсе маскоўская кнігарня Primus Versus.
У апісанні аўтабіяграфіі гаворыцца, што яна распавядае пра жыццё Францішка «ад сям’і італьянскіх эмігрантаў і дзяцінства ў шматнацыянальным Буэнас-Айрэсе да абрання папам і кіравання Царквой».
Тэолаг Наталля Васілевіч параўнала апублікаваны рускі тэкст з арыгіналам і прывяла ў сваім тэлеграм-канале фрагмент, які падверглі цэнзуры. У ім распавядаецца пра дэкларацыю, у якой папа пісаў пра благаслаўленне аднаполых пар, і пра яго сустрэчы з трансгендарнымі людзьмі.
Тэолаг Наталля Васілевіч напісала:
Адкрытасць да ўспрымання, а зусім не рэлятывізм і не якая-небудзь змена дактрыны, — вось дух і сутнасць Fiducia supplicans, дэкларацыі Дыкастэрыі веравучэння пра благаслаўленне пар, якія знаходзяцца ў неўрэгуляваных сітуацыях, якую я падпісаў у снежні 2023 года. Благаслаўляюцца людзі, а не адносіны. Гэта вынікае з імкнення не зводзіць усё жыццё тых, хто шукае асветы і суправаджэння праз благаслаўленне, да адной сітуацыі або аднаго стану.
У Царкву запрошаны ўсе, уключаючы разведзеных, уключаючы гомасексуальных людзей, уключаючы трансгендарных людзей. Калі група трансгендарных людзей упершыню прыйшла ў Ватыкан, яны сыходзілі адтуль у слязах, расчуленыя тым, што я ўзяў іх за рукі, пацалаваў іх… Быццам я зрабіў для іх нешта выключнае. Але ж яны — дочкі Божыя!
Яны могуць прымаць хрост на тых жа ўмовах, што і іншыя вернікі, могуць выконваць абавязкі хросных на тых жа ўмовах, што і астатнія, а таксама быць сведкамі пры заключэнні шлюбу. Ні адно палажэнне кананічнага права гэтага не забараняе.
Больш чым у шасцідзесяці краінах свету гомасексуальных і транссексуальных людзей лічаць злачынцамі; прыкладна ў тузіне краін за гэта прадугледжана смяротнае пакаранне, якое часам сапраўды прыводзіцца ў выкананне. Але гомасексуальнасць — не злачынства, гэта чалавечая рэальнасць, і Царква і хрысціяне не могуць заставацца абыякавымі перад абліччам гэтай злачыннай несправядлівасці і не могуць рэагаваць на яе нерашуча.
Яны не «дзеці нейкага меншага бога»; Бог Айцец любіць іх той жа безумоўнай любоўю, Ён любіць іх такімі, якія яны ёсць, і суправаджае іх гэтак жа, як суправаджае кожнага з нас: застаючыся побач, выяўляючы міласэрнасць і пяшчоту.
Калі Гасподзь кажа «ўсе», то хто я такі, каб кагосьці выключаць? «Скажы мне, каго ты выключаеш, і я скажу табе, хто ты», — любіў паўтараць дон Луіджы Ды Льегра, заснавальнік рымскага аддзялення Caritas. Ён і сам быў сынам мігранта, які прыехаў у Паўднёвую Амерыку ў пошуках працы і неаднаразова атрымліваў адмову.
На працягу ўсяго майго пастырскага жыцця я заўсёды прымаў і суправаджаў гэтых братоў і сясцёр гэтак жа, як і астатніх. І калі камусьці давялося асабіста перажыць «адпрэчванне з боку Царквы», я хацеў бы, каб яны ведалі: гэта было адпрэчванне з боку аднаго чалавека ў Царкве, бо Царква — гэта маці, якая кліча і збірае разам усіх сваіх дзяцей.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні