Паводле даследаванняў «Цэнтра новых ідэй» з Беларусі з 2020 года з’ехала больш за 500 тысяч беларусаў. А ці з'язджалі беларусы так масава раней? І калі так, то куды? Беларускі мужчынскі часопіс распавядае пра масавыя эміграцыі беларусаў і з чым сутыкаліся нашы суайчыннікі сто гадоў таму назад.
Францыск Скарына — першы эмігрант?
Беларусы з’язджалі з краіны ўсю сваю свядомую гісторыю. Аднымі з першых эмігрантаў можна назваць Францыска Скарыну, Пятра Мсціслаўца і яшчэ сотні маладых жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, якія з’язджалі вучыцца ва ўніверсітэтах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Некаторыя свабодна вярталіся назад і развіваліся на роднай зямлі.
Пасля эміграцыя была звязана з рознымі палітычнымі падзеямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага, вайна з Напалеонам — усё гэта спрыяла адтоку часткі насельніцтва.
Масавая ж эканамічная эміграцыя пачалася ў ХIХ-ХХ стст. Да пачатку Першай сусветнай вайны па эканамічных прычынах (беззямелле, беспрацоўе) толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася больш за 700 тысяч чалавек, а за межы Расійскай імперыі — 500-800 тысяч чалавек. З'язджалі ў асноўным у ЗША, Канаду, Бразілію, краіны Заходняй Еўропы.
Палітычную ж эміграцыю ў пачатку XX стагоддзя склалі ўрад і ваенныя фарміраванні Беларускай Народнай Рэспублікі.
У міжваенны час (1921-1939 год) з Заходняй Беларусі ў Канаду, Аргенціну, ЗША, Францыю, Літву і г.д. выехала 180-250 тысяч чалавек. Прычыны такога масавага ад'езду зводзіліся да цяжкага эканамічнага становішча, нацыянальнага і рэлігійнага ціску.
У савецкай частцы Беларусі справы ішлі не лепш. У 1924 і 1925 годзе замежны аддзел НКУС выдаў 1658 і 1787 замежпашпартоў адпаведна. Беларусы сярод гэтай часткі складалі толькі 10-15%. У 30-я гады выезд з краіны амаль закрылі, затое расквітнела ўнутраная эміграцыя. У 1926-1938 гадах з БССР у іншыя канцы савецкага саюза выехала каля 617 тысяч чалавек.
З'язджалі ў ЗША, Францыю, Лацінскую Амерыку
Проста так узяць і выехаць з краіны было заўсёды няпроста, у тым ліку і сто гадоў таму. Каб купіць білет на параход, людзі прадавалі сваю нерухомасць і па сутнасці куплялі білет у адзін канец. А рызыкі былі — вагон.
Амерыканскаму ўраду патрэбныя былі здаровыя і граматныя людзі. Таму беларусам, каб трапіць у ЗША, трэба было падаць у консульства мноства дакументаў.
У консульстве маглі спытаць, ці мае чалавек дастатковую суму для ўезду ў ЗША, а таксама правяралі граматнасць і псіхічнае здароўе жадаючых выехаць у ЗША.
З'ехаць у Францыю таксама было няпростай задачай. Адбор быў жорсткім, шукалі маладых мужчын ва ўзросце 21-40 гадоў ці сем'і. Жорсткасць адбору была абумоўлена яшчэ і тым, што ўжо ў тыя часы рабілі «ліпавыя» запрашэнні на працу.
Найпрасцей было трапіць у краіны Лацінскай Амерыкі. Напрыклад, у Бразілію з 1926 па 1938 год выехала больш за 6 тысяч чалавек з тэрыторыі Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводства. Бразільскі ўрад заахвочваў выезд сем’ямі, бо на кававых плантацыях паводле тагачасных законаў маглі працаваць падлеткі з 13 гадоў.
І сутыкаліся з дыскрымінацыяй і нізкай аплатай працы
Жыццё беларускага эмігранта (як і цяпер) не было лёгкім. Напрыклад, у Францыі беларусы працавалі на вінаградніках або цукровых заводах. І гэта ў лепшым выпадку. У горшым – гэта сельскагаспадарчыя працы, дзе аплата была ў 2-3 разы меншая ў параўнанні з заводамі.
У Францыі беларусаў прымушалі падпісваць кантракты, якія ставілі іх у няроўнае становішча з французамі. Зарплата па такім кантракце была на 30-40% меншай, чым у карэннага насельніцтва.
«Вось што піша мне знаёмы з Францыі: На эмігрантаў у Францыі глядзяць ледзь не як на рабоў, і нават не любяць, калі хто-небудзь з гэтых “рабоў” ведае французскую мову. Кожны павінен падпісаць кантракт або ўмову і на вызначаны час жыць у лагеры без права выхаду. Аплата значна меншая, чым нават можна было спадзявацца», – пісала заходнебеларуская газета «Сын Беларуса».
Стваралі свае дыяспары
Нягледзячы на ўсе цяжкасці эміграцыі, беларусы абжываліся і нават стараліся неяк аб’ядноўвацца. У 1923 годзе ў Чыкага эмігранты стварылі Беларуска-Амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, якую ўзначаліў першы кіраўнік урада БНР Язэп Варонка.
У Лацінскай Амерыцы найбольш арганізаванай была дыяспара ў Аргенціне. У канцы 20-х гадоў быў створаны Саюз украінскіх і беларускіх рабочых арганізацый Аргенціны.
Была ў дыяспары і свая прэса. Артыкулы друкавалі на рускай мове, каб прыцягнуць увагу беларусаў, што прыехалі ў ЗША. Сярод газет і часопісаў беларусаў ЗША можна вылучыць «Праўду», «Амерыканскі беларус», «Беларуская трыбуна» і г.д.
Праз сто гадоў у беларусаў у эміграцыі адбываецца, па сутнасці, тое самае. Сваркі, палітычныя амбіцыі, СМІ ў эміграцыі і для эмігрантаў. Нават свой пратопарламент з’явіўся.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адпраўлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні