У трэнажорнай зале, куды я хаджу (ну як хаджу, заходжу часам) трэніруецца багіня фітнесу.
Звычайна, калі я пачынаю трэніроўку, яна качае попу. Калі я праз гадзіну заканчваю, яна ўсё яшчэ качае попу.
Часам, праўда, даходзіць справа і да іншых цягліц. І кожны раз я дзівуся аб’ёму працы, якую яна выконвае.
Бярэ нейкія неверагодныя для сваёй камплекцыі вагі і падымае, і падымае, і падымае. Як нейкая машына, ёй-богу!
На гэтую відовішчнасць немагчыма не глядзець. І гэтым целам немагчыма не захапляцца. Дзяўчына выглядае проста выключна! Падцягнутая, моцная, спартыўная. І так, попа ў гэтых легінсах таксама вышэй за ўсякія пахвалы.
Але ў маім захапленні насамрэч няма сэксізму. Ну, у сэнсе, не толькі сэксізм.
Цела такой ступені дасканаласці — у прынцыпе вялікая рэдкасць. У антычнасці яе б у мармуры ўвасобілі. Праўда, тады стандарты жаночай прыгажосці былі больш мяккімі і падатлівымі, а мускулатура цанілася ў мужчын. Але часы мяняюцца.
Аднак да захаплення і лёгкай спартыўнай зайздрасці (таму што я нават блізка так не магу) часам усё ж падмешваецца здзіўленне.
Не магу адмахнуцца ад пытання “А навошта ўсё гэта?”.
Навошта так старанна пацець з гантэлямі ў руках, калі тваё цела ўжо ідэальнае?
Спачатку я думаў, што яна прафесійная спартсменка. Але потым адмовіўся ад гэтай версіі. Спартсмены звычайна трэніруюць усё ж не ўсё цела, а тое, што дапаможа ім у іх канкрэтным відзе спорту.
Потым я вырашыў, што яна культурысцка. Але, паразважаўшы, адхіліў і гэты варыянт. Бо мая німфа ні разу не хадзіла да люстэрка паглядзець на вынік сваіх тытанічных намаганняў. Не станавілася ў характэрныя позы і не фатаграфавала сваю выдатную фігуру з ваблівых ракурсаў.
І выснова напрошваецца наступная: яна трэніруецца дзеля самой трэніроўкі. Уся гэтая цяжкая праца – яна выключна дзеля цяжкай працы.
Проста ёсць такія людзі, якіх хлебам не кармі — дай пераадоленне, цяжкасці, нешта невыноснае, каб да знямогі.
Яны поцеюць у трэнажорных залах, знясільваюць сябе на марафонах і рвуць жылы пад штангамі. У самых экстрэмальных выпадках нават пераплываюць акіяны і лезуць на васьмітысячнікі.
Чытаў гісторыю амерыканскай наркаманкі, якая ў нейкі момант здолела злезці з іголкі. Але наркаманы — людзі асаблівыя. Нездарма тыя, хто ў завязцы, не п'юць нават піва. Яна пачала займацца спортам. І гэта была самая сацыяльна ўхваляльная з усіх яе залежнасцяў.
Ніхто не бачыў крывавых мазалёў ад бегу. Ніхто не ведаў, што яна ўставала, каб пайсці ў залу, у тры гадзіны ночы. Ніхто не ведаў, што ў яе з-за нагрузак спыніліся месячныя.
Усе бачылі толькі ідэальнае падцягнутае цела і бясконца ім захапляліся.
У нейкі момант яна ўсвядоміла, што проста знайшла для сябе іншы наркотык і звярнулася па дапамогу. Аказалася, што ў даведніку захворванняў проста няма такога расстройства…
Але гэта сапраўды залежнасць.
Іх, насамрэч, вельмі шмат, такіх фітнес-маньякаў. І сучасная медыцына на іх баку. Ім зашываюць парваныя звязкі ў галёнкаступнях і ахілах, мяняюць клапаны ў сэрцах, ставяць тытанавыя каленныя суставы замест зношаных уласных.
А яны ўсё займаюцца і займаюцца, усё бягуць і бягуць за новай дозай эндарфінаў і прэч ад тараканаў у сваёй галаве.
Фітнес ператварыўся ў глабальную індустрыю. Быць падцягнутым, мускулістым, з кубікамі прэса стала модна і сексуальна.
І нельга сказаць, каб гэтая мода была ў прынцыпе шкоднай.
Але тут, як мне здаецца, выдатна падыходзіць польскае прыслоўе Калі занадта шмат, гэта ўжо нездарова.
Заняткі спортам — гэта здарова і зДОЎРОВА. Пры нашым сядзячым ладзе жыцця гэта неабходна. Але ва ўсім патрэбна мера.
Так, ніводзін псіхіятр не дыягнастуе ў вас ніякага расстройства, а ўсе навокал будуць толькі захапляцца вашай настойлівасцю і мэтанакіраванасцю.
Так, выглядаць вы будзеце проста выдатна!
Але калі спорт становіцца апіятам, тады трэба разбірацца з тараканамі ў галаве, якія гоняць цябе на стадыён…
А можа, я проста зайздрошчу?
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні