Мужчыны – як піца. Іх мільён варыянтаў, але падабаецца нам, як правіла, усяго пара-тройка. Мы падзялілі іх на самыя папулярныя «віды», і вось што атрымалася.
ПІЦА З ШКОЛЬНАЙ СТАЛОЎКІ
Той самы адзінаццацікласнік, па якім ты сохла ў васьмым класе. У тваіх успамінах — гэта чубаты хлопец на скейтбордзе, а ў рэальнасці — лысы дзядзька на «чацвёрцы» з аліментамі. Смешна ўспамінаць, пакуль не паспрабуеш іншыя піцы з нармальных рэстаранаў. Гэта хлопец, які смачны толькі ў кантэксце юнацкай настальгіі.
ПІЦА ЗАМАРОЖАНАЯ
Той, хто заўсёды быў «пра запас». Паўфабрыкат, які ляжаў у маразільніку і цішком назіраў, як ты спрабуеш іншых. Сам па сабе асабліва не развіваецца, але калі жыццё няўмольна вядзе цябе да 30, а ў маразільніку нічога іншага няма — падыдзе і гэты варыянт. І нібыта тэрмін прыдатнасці бясконцы, але ёсць ты гэта дакладна не хочаш.
ПІЦА ПЕПЕРОНІ
Галоўны альфа. Каўбаса на максімум! Упэўнены, што ты ніколі не спрабавала лепш. Ён такі клапатлівы: напішаш яму, што захварэла, ён адкажа: «Не хварэй, а то сварыцца буду». Выглядае горача, але насамрэч залішне тлуста і крыху перасолена. Выдатны варыянт для дэгустацыі, але жыць усё жыццё з такім — задачка не для многіх.
ПІЦЦА “МАРГАРЫТА”
Класіка на ўсе часы. Сталы хлопец, які заўсёды напіша табе «Добрай раніцы» і падасць руку на прыступцы. Такі надзейны, што з ім нават можна сраць пры адчыненых дзвярах ваннай. Але ёсць і нюанс: калі раптам захочацца вастрыні, ты яе не дачакаешся. Яго рэцэпт просты: праца, дом, сустрэча з сябрамі. Усё! А большага яму і не трэба.
ПЕЧАНАЯ ПІЦА
Гэты хлопец увасабляе ўтульнасць. З ім табе цёпла і спакойна, быццам абдымаеш мяккі плед халодным вечарам. Ён дакладна не аматар тусовак ці шумных вечарынак. Замест гэтага — серыялы ў ложку і заснуць у абдымках. Для многіх гэта ідэальны варыянт, які атрымліваецца далёка не з першага разу, але пасля яго ўжо цяжка ісці ў піцэрыю, бо ўсё там здаецца халодным і штучным.
ПІЦА З АНАСАМІ
Хлопец, пра якога ты сама толкам нічога не можаш сказаць. Максімальна дзіўны, хаатычны. Паўайцішнік, паўрэпер, трохі барыга, часам робіць выгляд, што піша вершы. Людзі вакол ахкаюць: «Ты з ім? Ды ты з розуму сышла!» Але ён чапляе сваім нетыповым густам. Вось толькі пасля пары «дэгустацый» ты не ведаеш, хочацца яшчэ ці лепш забыць, як страшны сон.
У кожнага свае густы — і ў парнях, і ў піцы. Галоўнае — каб той, каго ты выбераш, спалучаўся з табой, як сыр, цеста і начынка. І няхай хтосьці скажа, што твая піца дзіўная ці незвычайная, усё роўна самы галоўны інгрэдыент у рэцэпце шчасця — тваё пачуццё густу.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні