Таганскі раённы суд Масквы санкцыянаваў завочны арышт комікесы Сашы Даўгаполавай (таксама вядомай як Саша Кападзя). Крымінальная справа супраць яе распачатая паводле артыкула аб рэабілітацыі нацызму. Раней на пераследзе артысткі настойвала пракуратура.
У чым менавіта абвінавачваюць комікесу?
Падставай для крымінальнага пераследу стаў адзін з выступаў Даўгаполавай. У пракуратуры палічылі, што падчас стэндапу яна зрабіла пэўную заяву, накіраваную на «прыніжэнне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны», «абразу памяці абаронцаў Айчыны» і «прымяншэнне значэння іх подзвігу».
Следства зацікавілася жартам пра прагулкі артысткі па Берліне:
«Бывае, гуляю па Берліне і думаю: „Ваў, яны забілі майго дзеда“».
Імаверна, гаворка ідзе пра матэрыял з сольнага канцэрта, апублікаванага на YouTube-канале комікесы ў снежні 2024 года.
Хто такая Саша Даўгаполава?
- Кар'ера: Саша пачала выступаць у сярэдзіне 2010-х і стала адной з цэнтральных фігур расійскай альтэрнатыўнай камедыі як рэзідэнтка маскоўскага Stand Up Club № 1. У 2018 годзе блогер Satyr назваў яе «самым недаацэненым комікам Расіі», а праз год яна стала гераіняй інтэрв'ю Юрыя Дудзя.
- Ідэнтычнасць: Да восені 2022 года артыстка была вядомая пад імем Аляксандр Даўгаполаў, аднак затым зрабіла камінг-аўт як небінарная асоба. Таксама Саша публічна падтрымлівае фемінізм і адкрыта гаварыла пра сваю паліаморыю.
- Эміграцыя: Першыя праблемы з расійскімі сілавікамі пачаліся ў Сашы яшчэ ў студзені 2020 года праз данос на «бяскрыўдны жарт пра Ісуса Хрыста». Тады яна часова з'ехала з краіны, але вярнулася праз два месяцы. Канчаткова камікеса пакінула Расію пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Раней да Сашы было прынята звяртацца ў жаночым родзе («яна»), аднак апошнім часам у сваіх сацсетках Даўгаполаў выкарыстоўвае займеннік «ён». У гэтым матэрыяле мы выкарыстоўваем абодва варыянты.
Дзе яна цяпер?
Цяпер Саша Даўгаполаў жыве ў Германіі. Ён працягвае займацца камедыяй і нядаўна выпусціў свой першы стэндап-канцэрт на англійскай мове. На момант публікацыі матэрыялу артыст знаходзіцца па-за межамі дасяжнасці расійскіх праваахоўных органаў.
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні