Сілавікі ў Беларусі працягваюць ціснуць на прадстаўнікоў ЛГБТК. Супрацоўнікі міліцыі тэлефануюць гомасэксуальным хлопцам пад выдуманымі падставамі і просяць з’явіцца ў РАУС у якасці “сведкаў”, пра гэта Еўрарадыё расказаў хлопец, які прайшоў праз падобнае некалькі тыдняў таму. Аб гэтым піша беларускае выданне euroradio.fm.
Ужо ў аддзяленні ў хлопца адбіраюць тэлефон, чытаюць перапіскі, падключаюць смартфон да камп’ютара. Калі знаходзяць кампрамат — схіляюць да “супрацоўніцтва”, якое прадугледжвае выяўленне іншых прадстаўнікоў ЛГБТК у Беларусі.
— Я перажыў шок і здзіўленне — быў гатовы да ўсяго, але толькі не да гэтага. Было зразумела стаўленне да ЛГБТК у краіне, але ў мяне не ўзнікла думкі, што па гэтай прычыне чалавека могуць заманіць у РОВД. Мяне ўразіла, ну гэта ж… гэта ж проста піз*дец.
У выпадку адмовы пагражаюць зрабіць аўтынг: расказаць пра арыентацыю сваякам і на працы.
Вядома, што падобную стратэгію сілавікі выкарыстоўваюць як мінімум з 2022 года.
Калі чалавек усё-ткі прыйшоў у РАУС, наш суразмоўца раіць не захоўваць у тэлефоне нічога, што можа вас скампраметаваць:
- Выдаліць усе фотаздымкі, якія могуць указваць на арыентацыю, асабліва з эратычным падтэкстам.
- Пачысціць соцсеткі. У тым ліку адпісацца ад знаёмых геяў, каб не падвяргаць рызыцы іх.
- У ідэале мець запасны тэлефон, каб менавіта з ім і ісці ў аддзяленне.

Што рабіць калі вам тэлефануюць з міліцыі і просяць з’явіцца ў аддзяленне?
Калі вам патэлефанавалі з РАУС і папрасілі прыйсці ў аддзяленне пад непраўдападобным падставай, трэба як мінімум папрасіць супрацоўніка прадставіцца, удакладніць па якім справе вас выклікаюць, куды, у які час і ў якім статусе — раіцьАльвіна Мінгазава — беларускaя адвакатка, юрыстка Free Belarus Center.
— Можна спаслацца на арт. 216 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і папрасіць даслаць позву. Адзначу, што пацярпелы, сведка, падазраваны абавязаны з'явіцца на допыт, бо ў выпадку неяўкі без уважлівых прычын вы можаце быць падвергнуты прыводу супрацоўнікамі органаў унутраных спраў па матываванай пастанове органа дазнання, следчага, пракурора.
Альвіна Мінгазава тлумачыць, што калі чалавек у сабе не ўпэўнены, то варта ісці на допыт з адвакатам.
— Для гэтага загадзя паклапаціцеся пра тое, каб у вас быў адвакат. Калі ў вас няма рэкамендацыі канкрэтнага адваката, то яго можна знайсці на сайце brka.by. Там указаныя тэлефоны і звесткі пра адвакатаў, вы можаце прызначыць кансультацыю і папярэдне паразмаўляць са спецыялістам, вызначыць, ці камфортна вам зносіны, ці давяраеце вы гэтаму чалавеку, каб прыняць рашэнне пра заключэнне дамовы.
Юрыстка звяртае ўвагу, што ў Беларусі існуе згубная практыка, калі следчы можа задаваць пытанні так, што яны будуць накіраваны супраць вас асабіста. Хоць сведка павінен даваць паказанні адносна фактаў, якія яму вядомыя.
— Калі пытанне закранае вашы асабістыя інтарэсы або можа пацягнуць негатыўныя наступствы, правільна сказаць: “Я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне, карыстаючыся сваім правам не сведчыць супраць самога сябе, замацаваным у арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”. Гэта абсалютна законная пазіцыя, якая не звязана з прызнаннем віны ў якім-небудзь злачынстве. Наадварот, нярэдка сустракаюцца сітуацыі, калі пасля допыту сведка мяняе свой статус сведкі на падазраванага (абвінавачанага) не з-за адмаўлення ад паказанняў, а таму, што, даючы тлумачэнні без абаронцы, ва ўмовах стрэсу і не надаючы значэння фармулёўкам, ён непрадумана агаворвае сябе, думаючы, што ў яго як у сведкі няма права адмовіцца ад дачы паказанняў.
Калі вы ці вашы знаёмыя сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй і хочаце надаць ёй розгалас — напішыце нам на [email protected].
0 каментарыяў
Увядзіце email — мы дашлём аднаразовы код. Без пароляў і акаўнтаў.
Код адправлены на
Калі ліст не з'явіўся ў «Уваходных» на працягу некалькіх хвілін, правер папку «Спам», «Непажаданая пошта» або «Прамоакцыі», бо некаторыя паштовыя сэрвісы могуць памылкова змяшчаць туды аўтаматычныя паведамленні